АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАСЛІ́ННАЯ,

асноўная адзінка класіфікацыі раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў). Характарызуюцца аднароднымі структурай і відавым складам, сезоннасцю развіцця, прадукцыйнасцю расліннай масы, узаемаадносінамі паміж раслінамі і паміж імі і асяроддзем. Залежыць ад умоў асяроддзя — біятычных фактараў, клімату, глебы. Называюць асацыяцыі раслінныя па раслінах, якія пераважаюць у згуртаванні або вызначаюць яго асаблівасці. Асацыяцыі раслінныя (напр., дубняк ляшчынава-кіслічны) аб’ядноўваюць у фармацыі раслінныя. Класіфікацыя асацыяцый раслінных выкарыстоўваецца пры даследаваннях расліннага покрыва, складанні геабат. картаў, распрацоўцы гасп. мерапрыемстваў для павышэння прадукцыйнасці лугоў, лясоў, балотаў.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)